Мая малая Радзіма

У кожнага з нас ёсць такое месца, куды хочацца вярнуцца пасля доўгай дарогі, месца, дзе мы спачываем душой. Для мяне такой зямлёй сталі Лапічы. Лапічы – звычайная вёска пад чыстым небам і яскравым сонцам. Б’юць з-пад зямлі сцюдзёныя ключы з крыштальна чыстай вадой, шумяць густыя лясы, стогнуць магутныя дубы ў тры абхваты, гамоняць залацистым калоссем палі і здзіўляе сваімі дарамі Свислач. Усё гэта – мае Лапічы! Радуецца сэрца, калі бачыш такую прыгажосць. Гэтае цудоўнае месца, відаць, падабаецца не толькі мне: гордыя і наравістыя лебедзі таксама аблюбавалі ціхую плынь Свіслачы. Вядома, што пры упадзенні ракі Лапкі ў Свіслач, на высокім, са стромкімі берагамі, міжрэччы, калісьці было старажытнае паселішча, якое узнікла яшчэ ў VI стагоддзі. Адтуль і з’явіліся сучасныя Лапічы. Ці не цуд? З кожным годам мая вёска прыгажэе. І ведаеце, я ганаруся ёю. Ганаруся тым, што жыву ў Лапічах. Упэўнена, што ўсе разам мы будзем захоўваць нашу малую Радзіму, нашу вёску, яе мінулае і сучаснае. І ў нас усё атрымаецца, бо мы, як і нашы продкі, належым да мужнага, вядомага ва ўсім свеце сваёй непахіснасцю народа. Бо мы – Беларусы!

Наталля Мурашка, выпускніца Лапіцкай САШ, 2007г.

Комментариев нет: